Існаваў у 16—18 ст. у в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на паўд.-ўсх. краі вострава Замак на воз. Іказнь. Закладзены ў 1504 браслаўскім старостам Я.Сапегам. У 1515 асаджаны войскамі рус. ваявод. Польскі гісторык А.Гваньіні ў 2-й пал. 16 ст. адзначаў, што «Іказнь — замак мураваны і места драўлянае... ад Браслава ў 2 мілях ляжыць». У Лівонскую вайну 1558—83 у І.з. размяшчаўся значны гарнізон наёмных войск. У 1654 замак узяты рус. войскамі, у 1655 тут знаходзіліся атрады шведаў. Разбураны ў Паўн. вайну 1700—21.